«Дух свабоды»: 75 гадоў Радыё Свабодная Эўропа
Вугорская вядоўца ў офісе Радыё Свабодная Эўропа (RFE) у Мюнхэне, Нямеччына, 1955 год.
Амэрыканскае радыё пачало перадачы пяцьцю гадамі раней, 4 ліпеня 1950 году.
Супрацоўнікі Радыё Свабодная Эўропа ў штаб-кватэры ў Мюнхэне разьбіраюць пошту, атрыманую з краін трансьляцыі. РСЭ/РС было створана з мэтай «захаваць дух свабоды ў сэрцах і розумах палонных людзей», якія жывуць пры камунізьме ва Ўсходняй Эўропе.
Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа знаходзілася ў гэтым комплексе побач з Ангельскім паркам у Мюнхэне.
Радыё Свабодная Эўропа арыентавалася на камуністычныя эўрапейскія дзяржавы, таму у 1953 годзе было заснаванае даччынае прадпрыемства Радыё Свабода (Radio Liberty), якое працавала на мовах народаў Савецкага Саюзу.
Брашура, якая заклікае рабіць ахвяраваньні для працы Радыё Свабодная Эўропа.
Частка фінансаваньня РСЭ/РС паступала з ахвяраваньняў, але асноўная частка працы таемна фінансавалася ЦРУ.
Галоўны перадатчык Радыё Свабодная Эўропа ў Глёрыі недалёка ад Лісабону, Партугалія.
Радыё Свабодная Эўропа і Радыё Свабода выкарыстоўвалі магутныя кароткахвалевыя перадатчыкі ў Нямеччыне, Гішпаніі, Партугаліі, чые сыгналы маглі «адбівацца» ад верхніх пластоў атмасфэры і дасягаць да мэтавай аўдыторыі ва Ўсходняй Эўропе і СССР. Радыё Свабода кіравала перадатчыкам на Тайвані, адкуль ішлі перадачы ў аддаленыя куткі Сыбіры.
Узброены ахоўнік патрулюе грузавік зь сярэдняхвалевым радыёперадатчыкам у Заходняй Нямеччыне недалёка ад мяжы з Чэхаславаччынай у 1955 годзе.
Калі камуністычныя дзяржавы пачалі глушыць перадачы РСЭ/РС, Радыё Свабодная Эўропа разгарнула дзясяткі мабільных перадавальных станцыяў, такіх як тая, што на фота. Яны маглі працаваць паблізу «жалезнай заслоны».
Вугорцы акружылі скінутую статую Ёсіфа Сталіна падчас рэвалюцыі 1956 году.
У 1956 годзе Радыё Свабодная Эўропа крытыкавалі за перадачы, якія многія ўспрынялі як падбухторваньне да антыкамуністычнага паўстаньня ў Вугоршчыне. Рэвалюцыю задушыла савецкае войска, у выніку загінулі тысячы людзей. Азіраючыся на перадачы Радыё Свабодная Эўропа 1956 году для Вугоршчыны, у якіх гучалі і пэўныя тэхнічныя парады для падтрыманьня рэвалюцыйнага імпульсу, адзін былы дырэктар Радыё Свабодная Эўропа прыйшоў да высновы, што «функцыя [радыё] ніколі не палягае ў тым, каб казаць людзям, што ім варта рабіць, — і менш за ўсё ва ўмовах гвалтоўных узрушэньняў».
Бэрлінскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа Том Бодын гутарыць з амэрыканскім салдатам падчас сумесных ангельска-амэрыканскіх вучэньняў у Грунэвальдзкім лесе Заходняга Бэрліну ў 1964 годзе.
Радыё лічылася ідэальным сродкам доступу да насельніцтва, якое жыве ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў, пераважна таму, што яно не пакідала ніякіх кампрамэтацыйных сьлядоў. Слухачы маглі настроіцца на перадачу, а затым пераключыцца на іншую частату.
Польская дзяўчына запісвае пасланьне сваім суайчыньнікам і суайчыньніцам, якія жывуць пры камуністах.
Апроч навін, РСЭ/РС забаўлялі аўдыторыю найноўшымі музычнымі і культурнымі праграмамі на мовах мэтавай аўдыторыі.
Рэдактары за працай у рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа ў Мюнхэне ў 1967 годзе.
У 1967 годзе было раскрыта, што Радыё Свабода фінансавалася ЦРУ, і радыё стала атрымліваць сродкі наўпрост ад Кангрэсу ЗША. Радыё разглядалася як важны інструмэнт у вайне ідэяў паміж камуністычнымі рэжымамі і заходнімі дэмакратыямі.
Маніторынгавая станцыя ў Мюнхэне, дзе супрацоўнікі радыё запісвалі і праглядалі перадачы з камуністычных краін.
Радыё Свабодная Эўропа і Радыё Свабода аб’ядналіся ў 1976 годзе, утварыўшы РСЭ/РС (RFE/RL).
Месца выбуху бомбы ў офісе РСЭ/РС ў Мюнхэне ў лютым 1981 году.
Эфэктыўнасьць Радыё Свабода пацьвярджалі шматлікія напады на яго супрацоўнікаў і аб’екты. У 1981 годзе выбух, як мяркуецца, аплачаны камуністычным кіраўніком Румыніі Нікаляе Чаўшэску і арганізаваны Ільічом Рамірэсам Санчэсам пад мянушкай Карляс Шакал, сумнавядомым вэнэсуэльскім марксісцкім тэрарыстам, разбурыў кут будынку мюнхэнскай штаб-кватэры Радыё Свабода.
Наступствы выбуху 1981 году ў мюнхэнскай штаб-кватэры Радыё Свабода.
Патрык Мур быў старшым аналітыкам РСЭ/РС. Ён прыбыў на месца неўзабаве пасьля выбуху. «Пах разбурэньня быў паўсюль», — успамінае ён у электронным лісьце. Ён кажа, што многія супрацоўнікі РСЭ/РС лічылі вельмі імаверным такі напад на тады яшчэ слаба ахоўваны будынак. «Гэта была халодная вайна, і мы былі на перадавой», — піша Патрык Мур.
Служба бясьпекі ў штаб-кватэры РСЭ/РС у Мюнхэне, 1982 год.
Асобныя журналісты і аўтары таксама былі цэльлю камуністычных шпіёнаў, засыланых у Заходнюю Эўропу. Баўгарын Георгі Маркаў, які зрабіў сэрыю вострых рэпартажаў аб жыцьці пры камунізьме для Радыё Свабодная Эўропа, быў атручаны рыцынам у Лёндане ў 1978 годзе.
Маладыя жыхары Ўсходняга Бэрліну радуюцца, трапіўшы на Захад праз адтуліну ў Бэрлінскім муры ў сьнежні 1989 году.
Пасьля падзеньня Бэрлінскага муру і канца аднаго за другім камуністычных рэжымаў у Эўропе бюджэт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода быў скарочаны амаль на дзьве траціны. Ішлі дэбаты пра будучыню радыё.
Будынак у цэнтры Прагі, які служыў штаб-кватэрай РСЭ/РС.
У 1995 годзе РСЭ/РС пераехала ў Прагу, дзе прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі Вацлаў Гавэл прапанаваў трансьлятару будынак былога парлямэнту камуністычнай Чэхаславаччыны ў цэнтры гораду за сымбалічную арэндную плату. У 2009 годзе радыё пераехала ў спэцыяльна пабудаваны дом далей ад цэнтру.
Карэспандэнтка армянскай службы РСЭ/РС Рузана Стэпаньян асьвятляе супрацьстаяньне паміж паліцыяй і дэманстрантамі ў Ерэване.
Пасьля краху камунізму ў Эўропе РСЭ/РС закрыла некалькі моўных службаў, у тым ліку для Польшчы, былой Чэхаславаччыны і краін Балтыі, і адкрыла іншыя, у тым ліку для Балканаў і Ірану.
Тысячы людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі прыйшлі да стэлы «Менск — горад-герой» падчас «Маршу свабоды» 16 жніўня 2020 году. Фота Радыё Свабода.
Журналіст РСЭ/РС Мар’ян Кушнір здымае пад Кіевам у першы тыдзень поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
У разгар вайны Расеі супраць Украіны РСЭ/РС актыўна асьвятляе падзеі на вайне. Сёньня РСЭ/РС — буйная міжнародная мэдыяарганізацыя, якая інфармуе аб падзеях у краінах, дзе «вольная прэса альбо забаронена аўтарытарнымі ўрадамі, альбо ня цалкам сфармавалася».
Супрацоўнікі РСЭ/РС у яго штаб-кватэры ў Празе удзельнічаюць у кампаніі за вызваленьне сваёй калегі Алсу Курмашавай з расейскай турмы ў 2023 годзе.