Як паведаміла выданьне novinky.cz, у Празе не працуюць мэтро і электрычны грамадзкі транспарт, банкаматы, сьвятлафоры, ёсьць праблемы з аплатай у крамах і рэстаранах. У аэрапорце вылет самалётаў не ажыцьцяўляецца.
Выратавальныя службы паведамілі, што спрабуюць дапамагчы грамадзянам, які на момант адключэньня электраэнэргіі знаходзіліся ў ліфтах.
«Мы зараз рэагуем на хвалю выпадкаў выратаваньня людзей зь ліфтаў, а таксама на паведамленьні пра выпадкі задымленьня. Аднак пакуль быў дым ад дызэльных генэратараў, якія запускаліся пасьля адключэньня электрычнасьці», — паведаміў выданьню прэсавы сакратар пажарнай службы Рэзач.
Апроч таго, выратавальнікі пачалі эвакуацыю электрычак, якія спыніліся праз адсутнасьць электраэнэргіі. Аб колькасьці пасажыраў, якія знаходзілся ў іх, пакуль не паведамляюць.
Некаторыя крамы ўвогуле зачыніліся. Улады сьцьвярджаюць, што блэкаўт не паўплываў на сытуацыю зь бясьпекай у пэнітэнцыярных установах.
Лякарні і станцыі забесьпячэньня пітной вадой перавялі на рэзэрвовае забесьпячэнье энэргіяй.
Сёлета ў красавіку масавае адключэньне электрычнасьці закранула Гішпанію, Партугалію, Андору і паўднёвыя рэгіёны Францыі.На ўсім Пірэнэйскім паўвостраве не працавала мабільная сувязь, не было інтэрнэту, у гарадах спынілася мэтро. Не працавалі таксама чыгунка, сьвятлафоры, тэлевізія, дзяржаўныя ўстановы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партугалія празь некалькі гадзін пасьля адключэньня электраэнэргіі застаецца безь сьвятла. Гішпанія абвясьціла надзвычайнае становішча