Актывісту з Горадні Мікіту Самарыну пагражае яшчэ 7 гадоў зьняволеньня

Мікіта Самарын, архіўнае фота

У Горадні працягваецца судовы працэс над палітвязьнем Мікітам Самарыным, якога судзяць другі раз. Стала вядома, якое пакараньне пагражае актывісту гэтым разам.

Паводле «Гарадзенскай праваабароны» Мікіту Самарыну выстаўленае абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • 364 («гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і
  • 411 («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

За гэта палітзьняволенаму пагражае 7 гадоў зьняволеньня ў дадатак да 2,5 году, якімі яго пакаралі ў сакавіку 2021 году.

Першы раз Мікіта Самарын быў асуджаны ў сьнежні 2020 году. Актывіст атрымаў 4 гады «хіміі» за тое, што ў жніўні падчас пратэстаў распыліў у твар амапаўца газ з балёнчыку.

Тады паведамлялася, што ён адбіваў чалавека пры затрыманьні і распыліў газ на невядомага ў цывільным, ня ведаючы, што гэта пераапрануты міліцыянт.

Праз тры месяцы палітвязьню завочна зьмянілі пакараньне на больш жорсткае — замест «хіміі» прысудзілі 2,5 году зьняволеньня. Мікіта Самарын на той суд не зьявіўся. Па зьвестках «Гарадзенскай праваабароны», з таго часу малады чалавек хаваўся ад міліцыі ў Беларусі.

Сёлета 23 сакавіка Мікіту Самарына выпадкова затрымалі ў Горадні. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, мужчыну спынілі для праверкі дакумэнтаў і прапанавалі прайсьці ў пастарунак. Далей ён нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, Мікіта Самарын адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам. У суд палітвязьня прывезьлі з штрафнога ізалятару гарадзенскага СІЗА.

Працэс над Мікітам Самарыным пачаўся 2 ліпеня, другое паседжаньне па справе адбудзецца 8 ліпеня.

Да 2020 году ў Гародні Самарын працаваў аўтарэстаўратарам, быў сябрам клюбу рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж», удзельнічаў у фотасэсіях і гарадзкіх фэстах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні трэці раз судзяць палітвязьня, які хаваўся ад прысуду 4 гады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў былы піяршчык кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў і яшчэ каля 20 палітвязьняў