У Беларусі сьвяточныя акцыі праходзяць ва ўмовах сьпёкі і ўзмоцненых захадаў бясьпекі

Афармленьне Менску ў Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня. Архіўнае фота

У Беларусі з прычыны сьпякоты абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі. Тэмпэратура паветра 3 ліпеня, калі маюць адбыцца шмат масавых акцыяў да «Дня Незалежнасьці», дасягне +30...+34°С, а на паўднёвым захадзе — +35°С.

Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі рэкамэндавала грамадзянам «менш знаходзіцца пад простымі сонечнымі прамянямі, абавязкова надзяваць галаўны ўбор і браць з сабой ваду». Сталым людзям параілі ўвогуле не выходзіць на вуліцу без асаблівай патрэбы.

Пры гэтым перад масавымі акцыямі менская міліцыя паведаміла пра абмежаваньні для грамадзян 3–6 ліпеня. У прыватнасьці, на імпрэзы людзям дазволілі браць «традыцыйна безалькагольныя напоі ў плястыкавай празрыстай тары аб’ёмам да паўлітра». Сярод іншага, забаронена прыходзіць з роварамі, скутэрамі, самакатамі і сабакамі. Вынятак зрабілі для сабак — павадыроў сьляпых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз ровараў, самакатаў і сабак. У менскай міліцыі расказалі аб допуску на мерапрыемствы 3-6 ліпеня

У Менску сьвяткаваньні пачнуцца апоўдні з ускладаньня вянкоў і кветак да манумэнту Перамогі.

Вялікія пляцоўкі арганізавалі ў цэнтры беларускай сталіцы — каля Палацу спорту, Нацыянальнай бібліятэкі і каля стэлы «Менск — горад-герой», яшчэ 18 — у сталічных раёнах.

Салют заплянавалі на 23-ю гадзіну ў шасьці месцах Менску — у парку Перамогі, каля «Чыжоўка-Арэны», у парках імя Паўлава і Уга Чавэса, на набярэжнай вадасховішча Дразды і каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Каб трапіць на ўсе гэтыя падзеі, давядзецца прайсьці асабісты дагляд у міліцэйскіх кантрольна-прапускных пунктах на пэрымэтры пляцовак.