28 чэрвеня на нечарговым зьезьдзе партыі «Белая Русь» раптоўна замянілі старшыню. Паводле партыйнага статуту, старшыню выбіраюць на пяць гадоў. На ўстаноўчым сходзе праўладнай партыі ў 2023 годзе на гэтую пасаду абралі Алега Раманава. Аднак праз два гады яго ў тэрміновым парадку замянілі на Вольгу Чамаданаву.
Бутафорскія партыі
Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі выказвае іранічную думку: цяпер партыя будзе пад пільным міліцэйскім наглядам.
«Чамаданава „праславілася“ ў 2020-м, калі была прэс-сакратаркай МУС. Яна тады ўсяляк хлусіла, выкручвалася, выгароджвала сілавікоў, якія чынілі гвалт над пратэстоўцамі. І таму рэпутацыя ў яе адпаведная — з гледзішча дэмакратычнай часткі грамадзтва ў яе нэгатыўны імідж. А для Лукашэнкі, для кіроўных вярхоў, думаю, гэта тая асоба, якая патрэбна. Чалавек, адданы рэжыму. Калі ўжо іранізаваць, партыя „Белая Русь“ будзе пад міліцэйскім наглядам. Паліцэйская дзяржава, і цяпер былы прадстаўнік гэтага паліцэйскага ведамства будзе кіраваць партыяй», — кажа Класкоўскі.
Сама Вольга Чамаданава на зьезьдзе партыі заявіла, што хоча ператварыць «Белую Русь» у «палітычнае апірышча» для Лукашэнкі да выбараў 2030 году.
«Ня трэба гаварыць пра электаральны пярэдых да 2029 году, у нас яго няма. Гэта час для напружанай работы ва ўмовах новых выклікаў, і наша задача-максымум — выйсьці да адзінага дня галасавання ў 2029 годзе ў якасьці вядучай палітычнай сілы краіны ня толькі колькасьцю, але і сутнасьцю. А да прэзыдэнцкай кампаніі 2030 году стаць палітычным апірышчам нашага нацыянальнага лідэра», — падкрэсьліла новая старшыня партыі. Аляксандар Класкоўскі з доляй скепсісу ацэньвае амбітныя заявы Чамаданавай.
«Усё гэта сьмешна, бо ў Беларусі няма партыйнага жыцьця, у легальным полі немагчыма дзейнічаць партыям, якія маюць праграму, адрозную ад генэральнай лініі палітыкі Лукашэнкі. І таму яны напінаюцца на роўным месцы, хочуць зь сябе штосьці значнае паказаць. Але ўсе чатыры партыі, якія засталіся ў Беларусі, — абсалютна бутафорскія. Нават калі стваралі „Белую Русь“ і незалежныя СМІ назвалі яе „партыяй улады“, гэта было не зусім карэктна», — кажа аглядальнік.
Увосень 2024 Вольга Чамаданава ўпершыню заявіла пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, але зьнялася з выбараў праз некалькі дзён пасьля падачы дакумэнтаў у ЦВК
Спадар Класкоўскі тлумачыць, што сапраўды ёсьць рэжымы з кіроўнымі партыямі. Нават у СССР, дзе кіроўнай была КПСС і яе генэральны сакратар меў вырашальнае слова, той жа Брэжнеў склікаў палітбюро, раіўся, ці ўводзіць войскі ў Афганістан, ці не, чальцы палітбюро галасавалі.
«У Беларусі гэтага няма, тут яскравы пэрсаналісцкі рэжым: Лукашэнка ні з кім ня хоча дзяліцца ўладай, у тым ліку і зь „Белай Русьсю“. Таму кіроўнай партыяй яе не назавеш. Можна правесьці нейкую паралель з „Адзінай Расеяй“, там таксама Пуцін як аўтакрат кіруе і не зважае на гэтую партыю, але яны хоць фракцыю ў Думе маюць, нейкая імітацыя партыйнага жыцьця ёсьць. А ў беларускім так званым парлямэнце нават няма фракцыі — рэглямэнт не прадугледжвае. Парлямэнт стэрыльны. Гэта абсалютна бюракратычныя гульні, якія на рэальнае жыцьцё ніякага ўплыву ня маюць», — разважае Класкоўскі.
Настаўніца беларускай мовы
Вольга Чамаданава (у дзявоцтве Прыстром) нарадзілася ў 1977 годзе ў Астрашыцкім Гарадку. У сям’і было трое дзяцей, Вольга старэйшая. Сям’я была ня вельмі заможная, а дзяўчынка вельмі хацела навучыцца граць на баяне. Спачатку бегала да суседзкай дзяўчынкі, у якой інструмэнт быў. А на вакацыях сама зарабіла на баян — падпрацоўвала летам у калгасе, апавядала Чамаданава ў шматлікіх інтэрвію.
У 1999 годзе Вольга Чамаданава скончыла філфак БДУ, спэцыяльнасьць «беларуская мова і літаратура». Але вучыць дзяцей не пайшла. Калі праходзіла практыку ў Ліцэі БДУ, праца пэдагога ёй не спадабалася.
У міліцыі знайшла і працу, і мужа
Вольга Чамаданава сама пайшла на прыём да намесьніка начальніка Менскага РУУС — папрасілася на працу ў інспэкцыю ў справах непаўналетніх. Ёй спачатку адмовілі. Але Чамаданава аказалася настойлівай і амбітнай — дамаглася працы ў міліцыі. 19 гадоў адпрацавала ў інспэкцыях у справах непаўналетніх — спачатку ў Бараўлянах, а потым кіравала інспэкцыяй Менскага раёну.
У 2014 годзе Чамаданаву ўганаравалі прэміяй «За духоўнае адраджэньне». Нагодай назвалі працу зь дзецьмі ў сацыяльна небясьпечным становішчы, тады ж яна стала «Чалавекам году» Меншчыны. На працы пазнаёмілася і з будучым мужам, Дзянісам Чамаданавым, які пачынаў апэратыўнікам ў Магілёве і даслужыўся да палкоўніка — ён начальнік 2-га ўпраўленьня ГУБАЗіКу. Такім чынам, цяпер у сям’і два палкоўнікі.
«Званьне палкоўніка міліцыі я сапраўды заслужыла, гэтыя пагоны мне заслужана дасталіся», — перакананая Вольга Чамаданава.
Імідж ведамства, ніжэйшы за плінтус
У 2018 годзе звольнілі прэс-сакратара МУС Георгія Еўчара. На пасаду прызначылі Вольгу Чамаданаву. «Ратаваць нэгатыўны імідж міліцыі», узгадвае журналістка аднаго недзяржаўнага СМІ, якая дзеля бясьпекі назвалася Марыяй.
«Ну не шанцавала міліцыі на прэс-сакратароў! То прызначылі прыгожую тэледзіву актрысу Сьвятлану Бароўскую, якая зусім не арыентавалася нават у структуры МУСу. Праўда, яна нядоўга затрымалася, сама сышла. Потым былі Канстанцін Шалкевіч і Георгі Яўчар. Яўчар праславіўся тым, што прымусіў падлетка публічна выбачацца за жартоўную поўху помніку гарадавому каля будынку МУС.
Вольга Чамаданава падчас працы ў прэс-службе МУС, архіўнае фота
Грамадзкасьць абурылася, Яўчар звольніўся, замянілі міністра — Шуневіча на Караева. Палепшыць імідж ведамства, які апусьціўся ніжэй за плінтус пасьля процьмы скандалаў, паставілі Чамаданаву. Спачатку яна сапраўды старалася — мяркую, што ў кожнага журналіста быў яе мабільны нумар. Шчодра раздавала камэнтары. Але толькі да вясны-лета 2020 году, калі пачалася перадвыбарчая кампанія», — апавядае суразмоўца Свабоды Марыя.
Вольга Чамаданава старалася ісьці «ў нагу з часам» — яна адна зь першых прадстаўнікоў улады стварыла тэлеграм-канал. Журналісты лічаць, што зьявіўся ён у піку вельмі папулярнаму тады каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы, дзе зьяўляліся «зьлівы» міліцэйскай інфармацыі. Таму Чамаданава вырашыла, што тэлеграм-канал МУС павінен сам даваць эксклюзіўную інфармацыю. І нават выступала экспэрткай у праўладнай «СБ — Беларусь сегодня».
«Каму і навошта спатрэбілася ператвараць тэлеграм-каналы ў інфармацыйную зброю? Як маніпулююць масавай сьвядомасьцю і ці можна гэтаму процістаяць?» — разважала яна.
Летам 2020 году, калі масава пачалі затрымліваць журналістаў, а калегі затрыманых абураліся і патрабавалі патлумачыць, што адбываецца, Вольга Чамаданава адказвала, што журналістаў даставілі ў пастарунак толькі для высьвятленьня асобаў і праверкі акрэдытацыі. Іх, маўляў, ніхто і не затрымліваў.
Забойства Тарайкоўскага
Журналістка, якая назвалася Марыяй, мяркуе, што апагеем хлусьні Чамаданавай стаў камэнтар пра сьмерць Аляксандра Тарайкоўскага, якога сілавікі застрэлілі на плошчы Пушкіна ў Менску.
Чамаданава тады тлумачыла, што «каля 23:00 на вуліцы Прытыцкага адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок спэцназаўцаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём», — паведамляў тэлеграм канал МУС. А неўзабаве у сеціве зьявілася відэа, якое сьведчыла пра зусім іншае.
Меркаваны момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага. На скрыншоце зь відэа відаць, што ён не мае ў руках выбуховага прыстасаваньня
«Гэта ўжо быў зашквар! Людзі ж не дурныя — яны пабачылі відэа. Чамаданава — звычайная кар’ерыстка, ёй схлусіць, лізнуць, падтакнуць — гэта як дыхаць… Журналісты зьвярталіся да яе — „хаця б з свайго тэлеграм-каналу прыбярыце гэтую відавочную хлусню!“ Не, не прыбрала. Ну, а пра пакаянныя відэа я ўжо не кажу. Мне здаецца, што ўсе аўтары „Жоўтых зьліваў“ (тэлеграм-канал ГУБАЗіК. — РС) вучыліся ў жонкі начальніка другога ўпраўленьня ГУБАЗіКу Дзяніса Чамаданава — перанялі досьвед. І потым, калі яна стала галоўным ідэолягам, я ўжо не зьдзіўлялася, якую лухту яна несла ў праграме „ПалітStandUp“ альбо ў прапагандыста Азаронка. Ды яшчэ з дачкой прыходзіла на эфіры», — узгадвае журналістка Марыя.
Пасьля таго ж «праколу» са сьмерцю Аляксандра Тарайкоўскага Чамаданава перастала даваць камэнтары недзяржаўным мэдыя.
Прыкладна ў той жа час «Кібэрпартызаны» «зьлілі» меркаваныя перамовы двух міліцэйскіх кіраўнікоў. На запісе гучалі галасы, падобныя да галасоў Ігара Падвойскага (намесьніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму) і Віталя Казлова (першага намесьніка начальніка УУС Менаблвыканкаму). Нецэнзурных словаў на адрас прэсавага сакратара МУС там было значна больш, чым звычайных. «Чамаданіха, у*****а лясное, насц**а ў вушы міністру».
Публічных наступстваў гісторыя ня мела. У адрозьненьне ад іншага выпадку: на пачатку 2021 году менчука Дзьмітрыя Ўшацкага за абразу прэс-сакратаркі МУС Чамаданавай асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» і 5000 рублёў кампэнсацыі.
«Гэта Бондарава ў пагонах»
Яшчэ адзін журналіст, які дзеля бясьпекі назваўся Алесем і які ўсе амаль 3 гады, калі Вольга Чамаданава была прэсавай сакратаркай МУС, шчыльна кантактаваў зь ёй у працы, назваў яе «Бондаравай у пагонах».
«Складана зь ёю працавалася, агулам кажучы. Журналістам яна адказвала часьцей, чым яе папярэднікі, і часам камэнтавала, нават па-беларуску, але няшчыра. Па-казённаму, як трэба „ўстанове“. Спачатку камэнтавала яшчэ больш-менш, але паступова стала зусім заўзятай „лукашысткай“. Відаць, кар’ерныя інтарэсы сталі браць сваё. Таму, калі ў жніўні 2020 году менавіта ад яе прыйшла інфармацыя, што „Тарайкоўскі быў застрэлены, бо меў у руках выбуховае прыстасаваньне“, для мяне гэта не было дзіўным. Тая заява пра Тарайкоўскага была сьвядомым падманам. Жонка ГУБАЗіКаўца, што тут скажаш. Але ўпэўнены, што яна ня проста жонка, а сьвядомасьцю такая ж „ГУБАЗіКаўка“. Гэта Бондарава ў пагонах. Са скуры вылезе, каб засьвяціцца. Дарэчы, скончыла філфак, аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры. А Беларусь прадае. Між тым, яе таму цяпер і перасоўваюць ў „Белую Русь“. Рыхтуюць новую Качанаву», — кажа журналіст.
Падчас працы ў кіраўніцтве Беларускага саюза жанчын Вольга Чамаданава наведвала Гомельскую жаночую калёнію, архіўнае фота
Увосень 2021 году Вольга Чамаданава перайшла з службы ў МУС на цывільную працу, не дацягнуўшы пару гадоў да міліцэйскай «пэнсіі». Яе прызначылі «галоўным ідэолягам» Менску — начальніцай упраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі.
У разьвітальным паведамленьні Вольга Чамаданава напісала: «За няпоўныя тры гады разам з сваёй камандай я старалася рабіць працу ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС эфэктыўнай, ставячы ў прыярытэт апэратыўнасьць і дакладнасьць падачы афіцыйных зьвестак, умацоўваючы аўтарытэт ведамства».
На новай пасадзе галоўнага ідэоляга Менгарвыканкаму Чамаданава ўвяла «жэстачайшы» ідэалягічны кантроль усіх мерапрыемстваў. Творцы — артысты, музыкі, мастакі, якія асудзілі масавыя рэпрэсіі і гвалт, неляяльныя да ўлады — больш не маглі працаваць афіцыйна.
Сама Вольга Чамаданава актыўна ўдзельнічала ў шматлікіх тэлешоў — змагалася з Санта-Клаўсамі, сьвятым Валянцінам і «сатанінскімі пэрсанажамі Гэлаўіна». Стала ўдзельнічаць ў праграмах «ПалітStandUp». Найбольш яскравым, пэўна, быў выпуск «Пра гістарычную памяць і нацыянальныя традыцыі».
У праграму прапагандыста Грыгорыя Азаронка «Да! Но…» Чамаданава прыйшла разам з сваёй дачкой Лізаветай, студэнткай юрыдычнага факультэту БДУ і актывісткай БРСМ. У эфіры паспрачалася «пра канфлікт пакаленьняў» у сваёй сям’і.
У пачатку апошняй прэзыдэнцкай кампаніі Вольгу Чамаданаву ад Менскай гарадзкой арганізацыі «Беларускага саюзу жанчын» вылучылі кандыдаткай у прэзыдэнты. 30 кастрычніка 2024 году яна падала дакумэнты ў ЦВК. Але ужо 12 лістапада так жа нечакана перадумала і адмовілася ад удзелу ў выбарах. ЦІ будзе яна ўдзельнічаць у якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі ад сваёй новай партыі, пакуль невядома.