Пракуратура ў Любліне патрабуе больш жорсткага выраку беларускаму шпіёну

Акруговы суд Любліну, у якім разглядалася справа беларуса Мікалая М. Архіўнае фота

Рэгіянальная пракуратура Любліну настойвае на больш жорсткім выраку грамадзяніну Беларусі Мікалаю М., асуджанаму на 2 гады і 2 месяцы зьняволеньня за шпіёнскую дзейнасьць.

Як паведамілі Radio Lublin і агенцтва РАР, сьледчыя патрабуюць павялічыць пакараньне да пяці гадоў зьняволеньня.

«Мы ня згодныя з тэрмінам пакараньня Мікалая М. Пракурор патрабуе пяці гадоў пазбаўленьня волі», — паведаміла прэсавая сакратарка Рэгіянальная пракуратура Любліна Бэата Сык-Янкоўская. Паводле яе, пракуратура падала апэляцыю на прысуд першай судовай інстанцыі.

У канцы траўня 2025 году акруговы суд Любліну асудзіў 53-гадовага беларуса Мікалая М. на 2 гады і 2 месяцы пазбаўленьня волі за шпіянаж у 2018–2023 гадах супраць Польшчы на карысьць спэцслужбаў Беларусі. Але тэрмін папярэдняга зьняволеньня залічылі ў тэрмін пакараньня, і дзякуючы гэтаму ён выйшаў зь сьледчага ізалятару 29 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы больш як на 2 гады асудзілі беларуса за шпіянаж

Суд у гэтай справе быў закрытым. Паводле абвінавачаньня, Мікалай М. ажыцьцяўляў выведку ў раёне вайсковага аэрадрому ў Белай Падляскай, зьбіраў інфармацыю аб вайскова-паветраных апэрацыях на аэрадроме, а таксама аб чыгуначнай інфраструктуры і перамяшчэньні вайсковай тэхнікі. Ён таксама зьбіраў інфармацыю пра аб’екты і транспартныя сродкі ў распараджэньні Агенцтва ўнутранай бясьпекі, якія разьмешчаны і выкарыстоўваюцца ў Белай Падляскай.

Паводле сьледзтва, мужчына таксама высьвятляў абставіны вэрбаваньня польскімі спэцслужбамі грамадзян Беларусі.

Згодна з інфармацыяй польскіх выданьняў, на лаве падсудных у гэтай справе таксама знаходзіўся 59-гадовы паляк Бэрнард С., якога пракуратура абвінаваціла ў дапамозе беларусу. Як высьветлілі сьледчыя, ён арганізаваў знаходжаньне Мікалая М. у Польшчы, забясьпечыў таго кватэрай. Раённы суд у Любліне зьмяніў кваліфікацыю ўчынку на непаведамленьне праваахоўным органам аб злачыннай дзейнасьці беларуса і наклаў на Бэрнарда С. штраф у 7000 злотых.

Падчас сьледзтва абодва мужчыны прызналі віну.

Сёлета ў траўні беларускае выданьне «Позірк» паведаміла, што Мікалай М. — гэта, імаверна, Мікалай Маскаленка. Неўзабаве пасьля затрыманьня ў Польшчы яго і яшчэ дваіх грамадзян Беларусі, Уладзіслава Пасьміцюхі і Марыі Мядзьведзевай, адзін зь беларускіх прапагандысцкіх Telegram-каналаў апублікаваў відэазвароты, як сьцьвярджалася, сваякоў затрыманых, якія заявілі аб сфабрыкаваным характары справы.

19 сьнежня 2023 году стала вядома, што гэты ж суд вынес прысуд 14 іншаземцам, абвінавачаным у шпіянажы на карысьць Расеі. Сярод іх трое грамадзян Беларусі.

Усяго ў справе было 16 абвінавачаных. Арцём А. атрымаў самы працяглы тэрмін — 6 гадоў пазбаўленьня волі, Марыя М. — найменшае пакараньне — год і месяц пазбаўленьня волі, усіх дадаткова аштрафавалі.

Асобна ў верасьні засудзілі грамадзяніна Беларусі Ўладзіслава П. — на 2 гады і 10 месяцаў зьняволеньня і штраф у 2800 даляраў у пераліку.