«Грубае парушэньне міжнароднага гуманітарнага права і Жэнэўскіх канвэнцыяў. Расея ўчыніла яшчэ адно ваеннае злачынства», — напісаў Дзьмітро Лубінец у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, гэты зварот зьвязаны з новым фактам несудовага пакараньня сьмерцю ўкраінскага вайскоўца, якое зафіксавана на відэазапісе і распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках. На ім расейцы прывязалі ўкраінца да матацыкла і цягнулі па дарозе.
«Гэта дэманстрацыйная жорсткасьць і чарговае ваеннае злачынства Расейскай Фэдэрацыі», — адзначыў амбудсмэн Украіны.
Упраўленьне Высокага камісара ААН у правах чалавека ў апошняй справаздачы пацьвердзіла, што за апошнія шэсьць месяцаў году расейцы пакаралі сьмерцю 35 палонных украінскіх вайскоўцаў. 117 з 119 украінцаў, у тым ліку два мэдыкі, якія вярнуліся з расейскага палону, далі падрабязныя сьведчаньні аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні, уключна з моцным пабіцьцём, выкарыстаньнем электрычнага току, нацкоўваньнем сабак, сэксуальным гвалтам, працяглым стаяньнем, фізычнымі практыкаваньнямі да зьнясіленьня і прыніжэньнем.
У той жа час місія ААН адзначыла, што і расейскія вайскоўцы, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне, таксама расказвалі аб пакараньні сьмерцю з боку ўкраінскіх жаўнераў, але экспэрты зафіксавалі толькі адзін такі выпадак, яшчэ адзін пакуль высьвятляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН пацьвердзілі расстрэлы расейцамі палонных украінцаў і падлічылі ахвяр у выніку абстрэлаў Расеі