Закон прадугледжвае пашырэньне абаронных выдаткаў, фінансаваньне масавых дэпартацый мігрантаў і падаўжэньне падатковых ільгот на суму $4,5 трлн, а таксама рэзкія скарачэньні сацыяльных праграм, уключаючы фэдэральную харчовую дапамогу і Medicaid — дзяржаўную праграму мэдычнага страхаваньня для малазабясьпечаных. Па некаторых ацэнках, да 12 мільёнаў амэрыканцаў могуць страціць страхоўку. Нягледзячы на пратэсты дэмакратаў і сумневы сярод памяркоўных рэспубліканцаў, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан здолеў забясьпечыць прыняцьце закону дзякуючы перамовам з кангрэсмэнамі і асабістаму ўмяшаньню Трампа.
Фінансаваньне расходаў часткова забясьпечваецца за кошт адмены субсыдый на экалягічна чыстую энэргетыку і электрамабілі. Гэта выклікала публічны канфлікт паміж Трампам і Іланам Маскам, раней саюзьнікам прэзыдэнта. Маск назваў адмену субсыдый «ударам па будучыні» і рэзка раскрытыкаваў Белы дом у сацсетках. Ён заявіў, што прыняцьце закону прывядзе да рэзкага росту дзяржаўнага доўгу ЗША.
Трамп аб’явіў прыняты закон «адным з самых значных у гісторыі». Раней ён называў яго «вялікім прыгожым законапраектам». Трамп зьбіраецца падпісаць яго 4 ліпеня, у Дзень Незалежнасьці ЗША.
Форум